«ВАЕ́ННЫЯ СПРА́ВЫ КАРАЛЯ́ СТАФА́НА БАТО́РЫЯ»

(«Sprawy wojenne króla Stefana Batornego»),

збор гіст. дакументаў пра ўладаранне Стафана Баторыя. Выдадзены ў 1887 у Кракаве (у серыі «Acta Historica», т. 11). Змешчаны 164 дакументы 1576—85: лісты Баторыя да Радзівілаў, Хадкевічаў; вітанне караля пры яго вяртанні з Лівонскай вайны 1558—82, дыярыушы Я.Збароўскага пра ўзяцце замкаў Веліж, Усвяты і Вял. Лукі, Л.Дзялынскага пра аблогу і ўзяцце Веліжа, Вял. Лук і Завалочча; вальнага сейма ў Варшаве 1581; матэрыялы па перагаворах Баторыя са шведамі ў 1582, яго перапіска з Іванам IV і інш. Дакументы ўзяты з архіўных сховішчаў Польшчы, перадрукаваны з выданняў 16 ст., польск. і рас. археаграфічных выданняў 19 ст.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)